98678.fb2
Толiк падумаў i кажа:
- За тым паваротам - хлебная крама... Да гастранома - далекавата...
Антось схамянуўся:
- Дык вось жа мёд! Цэлае вядро! Хлеб i мёд - закусь, трымайся за неба!
Купiўшы бохан хлеба i батон, сябры накiравалiся на зялёны, парослы кустамi выган.
- Вось тут, на зялёным дыване, - нi табе камандзiраў, нi табе начальнiкаў! Свабода! - радавалiся сябры.
Уладкаваўшыся, усеўшыся, пачалi пакрысе адпiваць з рыльца гарэлку, мачаць хлеб i батон у мёд.
- Вось гэта жыццё!..
- Гэта табе не казарма!..
- Вольныя, як тыя птушкi!..
- Яшчэ вальней!..
- Глынём?
- А як жа!..
"Банкет" працягваўся, але аднекуль пачалi злятацца пчолы. Восенню, перад зiмоўкай, яны асаблiва ласыя да мёду, здольны нават на крадзеж... А тут гатовенькi! Цэлае вядро!
Спачатку сябры не звярталi на iх увагi, але пчолы ўсё прыбывалi i прыбывалi. Яны лiплi да вядра, садзiлiся на рукi, лезлi ў вочы - iм не падабаўся смурод гарэлкi. Тады хлопцы пачалi iх адганяць, нават бiць i душыць. То на шчацэ прыдушаць, то на лбе прыцiснуць. А прыцiснутая пчала, перад тым як загiнуць, паспявае ткнуць джала.
Вось п'яныя хлопцы i не заўважылi, як нахапалiся пчалiных укусаў. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю, калi ён нешта гаварыў, i паспела куснуць яго за язык. Гэта перапоўнiла чашу сябравага цярпення, i яны пачалi збiрацца.
- Добра, што мы паспелi апусташыць тару! - сказаў, махаючы рукамi, Антось.
- Хутчэй завяжы вядро! Можа, адчэпяцца! - амаль закрычаў Толiк.
Сябры сабралiся, выцерлi травой лiпкiя ад мёду рукi i пакрочылi прэч ад гэтага месца. Але пчолы ад iх не адставалi - гулi над галовамi цэлым роем.
На развiтанне Толiк чыркнуў на паперы свой адрас сябру, i Антось, хiстаючыся, пакрочыў да Алесi - блiжэй знаёмiцца. Пчолы, чуючы ў вядры мёд, спраўна гулi над галавой, поўзалi па лiпкай пасудзiне.
Антосю падалося, што сонечны дзень паступова пачаў цямнець. Усё навакольнае бачылася як праз туман, нiбы праз шчылiнку. Твар гарэў, язык пякло, ён патаўсцеў.
Ён падумаў: "Свежае паветра i гарэлка - вось твар i гарыць! Пройдзе!"
А вось i патрэбны нумар дома. Антось, хоць i праз туман, заўважыў - дом добры! Пастукаўся ў дзверы. Чуе: "Заходзьце!"
Хлопец пераступiў цераз парог i апынуўся ў хаце. Зноў жа праз туман убачыў сярэднiх год жанчыну.
"Здравiя жадаю!" - хацеў па-вайсковаму адрапартаваць Антось, але языку было цесна ў роце, i атрымалася:
- Зд-друя жад-дую!..
- Што? - запыталася жанчына. - Што вам трэба?
Антось напружыўся з апошнiх сiл i выцiснуў:
- Аль... Ал-л-лесю!..
- Якую яшчэ Алесю? Навошта вам Алеся? Iдзiце адсюль!
Адчынiлiся дзверы, i з другой паловы хаты выйшла прыгожая дзяўчына.
Антось пахiснуўся ад нечаканасцi. Якая прыгожая! Гэта ж Алеся! I ногi не крывыя. I абедзве на месцы! Антось праз расчыненыя дзверы ўбачыў на стале ў другiм пакоi сваю фотакартку. Ён ад радасцi паспрабаваў кiнуцца да дзяўчыны:
- Аль... Ал... Але...
- Што вам трэба? - жахнулася дзяўчына. - Я вас не ведаю i ведаць не жадаю.
Антось разгубiўся, але раптоўна ўзрадаваўся, бо за дзяўчынай выйшаў яе брат Мiхась - Антосеў аднапалчанiн, якi i пазнаёмiў праз пошту сваю сястру з Антосем.
Антось кiнуўся да сябра i распухлым языком, з цяжкасцю прагаварыў:
- Мы разам служылi ў войску! Я ж твой сябар!
Мiхась адпiхнуў незнаёмца:
- Якое нахабства! Знайшоўся мне сябар! Я цябе першы раз бачу! Прыцягнуўся нейкi валацуга, поўную хату пчол навёў...
Тут Антось выпадкова зiрнуў у люстэрка, якое вiсела на сцяне. Зiрнуў i выпусцiў з рукi вядро з астаткамi мёду. З люстэрка на яго глядзеў... Не! Не глядзеў, а глядзела нейкае страшыдла з чырвоным апухлым тварам, з лапушынымi вушамi, з тонкiмi шчылiнкамi замест вачэй. Разлахмачаныя валасы злiплiся ад мёду i тырчэлi ва ўсе бакi. Па iх поўзалi пчолы...
- Ма-ма-а-а! - зароў ад жаху Антось i кiнуўся ў дзверы. Ап'яненне яго iмгненна прайшло. Ён ляцеў па вулiцы, пужаючы людзей.
"Што я нарабiў? Дурань! Такую дзяўчыну страцiў!" - хлясталi, як бiзуном, думкi.
Антось падслепаватымi вачыма прачытаў на паперцы Толiкаў адрас i з цяжкасцю знайшоў яго дом.
Пастукаў i пахаладзеў: "Толькi б не спужалiся! Толькi б не прагналi! Куды ж я дзенуся?.."
Адчынiлiся дзверы, i Антось праз той жа туман убачыў жанчыну.
- А-а! - прапела яна. - Яшчэ адзiн круглы, як гарбуз! Заходзь! Заходзь! Буду двух адразу лячыць - мой ляжыць!
Антось з палёгкай пераступiў парог i ўбачыў Толiка... Не! Не Толiка, а гэткае ж апухлае страшыдла, як i сам. Ён ляжаў на ложку, мачаў ручнiк у халодную ваду i прыкладваў да твару.
- О-ё-маё! - стагнаў ён.
Толькi цяпер Антось адчуў, як пячэ i балiць твар.